БЯЛЫ́НІЦКІ РАЁН,

на ПнЗ Магілёўскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 28,1 тыс. чал. (1996), гарадскога 37,2%. Сярэдняя шчыльн. 20 чал/км². Цэнтр — г.п. Бялынічы. 199 сельскіх нас. пунктаў. 8 сельсаветаў: Вішоўскі, Галоўчынскі, Запольскі, Ланькаўскі, Лебядзянкаўскі, Машчаніцкі, Цяхцінскі, Эсьмонскі.

Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 207 м (каля в. Ясная Паляна). Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, сілікатныя пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -7,3 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 657 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Рэкі: Друць (з прытокамі Вабіч, Няропля, Малыш з Ліпаўкай, Аслік), Клява. Азёры: Чорнае, Заазерскае, Няропля, Падазерышча, Карманоўскае. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 30,7% тэр. раёна, пераважна хваёвыя, бярозавыя і яловыя; балотамі занята 7,2% тэрыторыі. Гідралагічны заказнік Заазер’е.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 65,9 тыс. га, з іх асушаны 14,1 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 5 саўгасаў, аграгандл. прадпрыемства «Друць». Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры і бульбу. Прадпрыемствы харч. (крухмал, сыры), дрэваапр. (дзелавая драўніна, піламатэрыялы), камбікормавай (тэхн. тлушч, травяная мука) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Магілёў—Асіповічы, аўтадарогі Мінск—Магілёў, Бялынічы—Шклоў. У раёне 12 сярэдніх, 5 базавых, 10 пач. школ, ПТВ, цэнтр. дзіцячая школа мастацтва, 21 дашкольная ўстанова, 28 клубаў, 29 б-к, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 18 фельч.-ак. пунктаў. 2 музеі: мастацкі імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі і краязнаўчы. Выдаецца газ. «Зара над Друццю».

М.М.Брылеўскі.

т. 3, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)